Вiтаўт Чаропка
Навь-Явь-Правь
То быў нядобры знак. Так лiчылi ўсе жыхары града Жоўны - ад простага пасынка ў князёвай дружыне да самога князя князёў лiцьвiнскiх Жывiнбуда. Сярод яснага дня на вачах люду, як лятавец, зляцеў з неба чорны каршук на галубоў, што сядзелi пасярод двара князёвых харомаў. Вострыя кiпцюры драпежнiка ўпiлiся ў белую галубку, i ў паветры растаў яе перадсмяротны ўскрык. Каршук панёс у кiпцюрах сваю здабычу.
К вечару пра гэта ведалi жыхары града. I ў мiрныя днi нiчога добрага не вяшчала такая падзея, а цяпер i зусiм. Вёў сваю раць князь рускi Яраслаў на зямлю Лiтоўскую. Вiжы, якiя прыйшлi з-пад Пiнска, казалi, што русаў раць незлiчоная, браня на iх моцная, конi пад iмi сытыя, зброя ў iх вострая. Два гады таму хадзiў князь рускi на яцвягаў. На мячах сваiх неслi русы новага бога - Хрыста, бога, якi дазволiў сябе раскрыжаваць. Князi родаў лiцьвiнскiх i лепшыя людзi з'ехалiся да князя Жывiнбуда на веча. Вечарам, пакуль не зайшло сонца, сотнi лiцьвiнскiх вiцязяў сабралiся перад пагоркам, на якiм знаходзiлася выкладзеная каменем пляцоўка, дзе пад адкрытым небам стаялi стоды багоў. Перад стодам бога грому Перуна, якi быў выразаны з дрэва ў выглядзе барадатага мужчыны, з маланкай ва ўзцятай правай руцэ, гарэла ахвярнае полымя Знiч. Шмат стагоддзяў таму запалiлi жрацы гэты агонь i не давалi яму згаснуць. А вакол свяцiлiшча палыхала восем вогнiшчаў. Чакалi ваяры, калi выйдуць да iх князi. I вось выйшлi яны з храма.
- Браты мае, - звярнуўся да ваяроў Жывiнбуд, - рускi князь Яраслаў са сваiм воiнствам апалчыўся бранню на Лiтву. Не пакiнем сваiм сынам у спадак вечную ганьбу. Не дзеля таго, каб стаць парабкамi русаў.