Стрэлачнiк Мiгай (на белорусском языке)

Шинклер Федос

Хвядос Шынклер

Стрэлачнiк Мiгай

Хто яе ведае, што зрабiла чыгунка з нашым Сымонам. Але вярнуўся ён са службы на чыгунцы iншым чалавекам. Нiбы падмянiў яго хто там цi ўракнуў. Хто яго ведае...

Памятае наша вёска Сымона Мiгая вясёлым, гуллiвым хлапцом, якi красiў усю моладзь. Прыгожы, зграбны хлапец. Чарнявы, з кучаравай галавой, з шэрымi прыгожымi вачыма - заглядзiся. Нiякае гульбiшча, нiякае пракуднiцтва не абыходзiлася без яго. Ды што - не абыходзiлася! Ён звычайна быў i завадатарам-канаводам на ўсе ўчынкi. Калi ж траплялася - не адкiдаў i чарку гарэлкi перакулiць. А разгуляецца, дык чаркай справа i не канчалася.

Што казаць - спрытны, самавiты хлапец быў!