Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
Дублi
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
На чырванаватую пустыню мора часу клалiся доўгiя ценi блiзкiх гор. Залацiсты калматы клубок Сонца ўжо вiсеў над самым гарызонтам. I без таго густа-фiялетавае неба пацямнела зусiм. Яшчэ некалькi хвiлiн, i марсiянская ноч, амаль такая ж раптоўная, як зямная ў тропiках, агорне ўсё навокал.