Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
Лiсцiк серабрыстай таполi
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
За возерам, што плёскаецца зусiм пад нашымi вокнамi, пачынаецца лес. Мы мала там бывалi, не знаходзячы для сябе нiчога прывабнага. Лес быў дагледжаны, расчышчаны i нагадваў школьны парк. Iншая справа - востраў на возеры. Там усё было так, быццам рука чалавека нiколi не краналася гэтага кутка прыроды. На востраве нам было цiкава, у лесе - не.