Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк
У час не вярнулiся
Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.
Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.
Ад праважатага Балачан адмовiўся. У прысутнасцi незнаёмых людзей ён заўсёды адчуваў сябе нiякавата. Прагназiсты гарантавалi на блiжэйшы час яснае надвор'е без пылавых бур i метэарытных дажджоў. I быў самы раз, каб паехаць аднаму. Адзiн ён будзе адчуваць сябе вальней i зможа адразу i больш поўна ўвайсцi ў гэты пакуль што невядомы i таму прываблiвы свет чужой планеты. Яму вельмi хацелася гэтага, бо ён упершыню пакiнуў Зямлю, не пабываўшы за свае дваццаць два гады нават на суседнiм Месяцы. Усё неяк не выпадала, не было патрэбы.