Ян Баршчэўскi
Душа не ў сваiм целе
Пераклад: Мiкола Хаўстовiч
Разлеглы абшар Валынi1 ў большай частцы пакрыты лясамi, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы i зусiм iншыя краявiды. Праз ваколiцы i мястэчка Цуднаў2 плыве Цецераў; на заходнiх i ўсходнiх берагах гэтае рэчкi ўздымаюцца высокiя дзiкiя скалы, нiбыта руiны даўнiх часоў, i здаецца, што iх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае i ўрадлiвае зямлi. Ад Цуднава аж да межаў Падолля3 - паўсюль улетку можна бачыць нiвы, засеяныя буйною пшанiцаю; тут зямля без вялiкiх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколiцаў забяспечаны ўсiм, што толькi трэба дзеля iхнiх выгодаў, аднак i сярод iх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як i ўсюды; няма праўдзiвага шчасця, няма раю на гэтай зямлi.
Халера, цяжкая азiяцкая хвароба, ахапiла ўсходнюю частку Еўропы i ў 1847 годзе, пераходзiла з месца на месца, iмкнучыся на поўнач i на захад; i гэтай кары Божай паўсюль папярэднiчала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848 года4, у самую спёку, з'явiлася яна на Валынi i была ў асобных мясцiнах жудаснаю; у мястэчку Цуднаве i ў ваколiцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат засталося няшчасных удоў i сiрот.