Алесь Кажадуб
Ваўкалакi
Вяселле iмчала, здавалася, акурат па цалiку, бо снежная бель хавала ад вачэй уезджаную дарогу на роўным полi. Ды i iмчаць гэтая святочна апранутая моладзь - з-пад кажушкоў i жупаноў чырванелася вышыўка кашуль, стракацелi ўваччу вясёлкавых колераў каснiкi, ледзь трымалiся на галовах надта ж зухавата збiтыя набок магеркi, грывы коней былi старанна заплеценыя i перасыпаныя чырвона-белымi кветкамi, вiдаць, з анучак, - iмчаць гэтая моладзь магла толькi таму, што была вяселлем. Дакладней, не вяселлем, а дружынай жанiха, якая iмчала па маладую, каб адбiць яе, выкупiць, вымалiць, праўдамi i няпраўдамi забраць i павезцi, ахоўваючы пiльней за самую вялiкую каштоўнасць, у новую хату, дзе цяпер жыць маладой, гаспадарыць, падтрымлiваць цяпельца шчасця. Пасярод шнурка конных падскокваў таксама святочна ўпрыгожаны вазок - палазы спераду загнутыя паўкругам, вазок аздоблены разьбой, размаляваны, у яго накiдана розных футраў. Адно толькi замест маладых сядзеў у iм дзядзька ў гадах, i ягоны бурнос, накiнуты на кажух, амаль не варушыўся - дзядзька пабачыў, пэўна, ужо не адно вяселле i весялiцца пакуль што лiчыў за глупства.
Конi з храпам задзiралi галовы, у чыстым паветры далёка разносiлiся выкрыкi хлопцаў, стралялi з-пад капытоў камякi снегу. Дружына ляцела.
Аднак за невялiкай завонькаю ўжо блiзка бачыўся цёмна-шызы лес, насоўваўся, памалу расступалiся выносiстыя сосны, паказваючы нiжэйшае драбналессе - ялiнкi, бярэзiнкi, ядловец з ляшчынаю, - i тут ужо коннiкi мусiлi перайсцi на рысь, хоць галасы iх пры гэтым не сцiшылiся, а, наадварот, памацнелi. Рэха заскакала ў вяршалiнах дрэў, замiтусiлася ў кустоўi, зашархацела ў цяжкiх, аснежаных галiнах старых соснаў. Здавалася чамусьцi рэха напалохала лес, прымусiла яго нават сцяцца, стаiцца. Ды дружыне ўсё адно было тут вольна i лёгка, як i ў полi. А жанiх i памiж дрэў круцiўся чортам, кiдаў каня з галавы ў хвост дружыны, трухаў побач з вазком, чапляўся з жарцiкамi да дзядзькi - ад весялосцi, ад радасцi, што распiрала грудзi, ад сваiх дваццацi з невялiкiм гадкоў.